Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Пуск АЭС у сітуацыі палітычнага крызісу недапушчальны

08.11.2020 08:12
Пра гэта гаворыцца ў заяве шэрагу экалагічных арганізацый і палітычных аб'яднанняў.
Астравецкая АЭС PAP/EPA/MAXIM GUCHEK / POOL

Адкрыццё Беларускай атамнай станцыі заўчасна і носіць падкрэслена палітычны характар, гаворыцца ў заяве шэрагу экалагічных арганізацый і палітычных аб'яднанняў, паведамляюць naviny.by.

Дакумент падпісалі Беларуская антыядзерная кампанія, Беларуская партыя «Зялёныя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, цэнтр «Еўрапейскі дыялог», рух «За Свабоду», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

У заяве адзначаецца, што пуск першага энергаблока БелАЭС адбываецца ў «вельмі трывожных акалічнасцях»: у адсутнасць ліцэнзіі на эксплуатацыю і справаздачы аб абгрунтаванні бяспекі БелАЭС; без належнага вырашэння праблем бяспекі, выяўленых у час стрэс-тэстаў БелАЭС і мэтавых місій МАГАТЭ; у адсутнасць рашэння праблем абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС, уключаючы адсутнасць магчымасцяў сухога прыстанцыйнага захоўвання; пры недастатковай заканадаўчай базе, неабходнай для паўнавартаснага кантролю за бяспечнай працай гэтай электрастанцыі; у адсутнасць адэкватнай, кампетэнтнай і празрыстай ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе.

«Тое, што нас трывожыць больш за ўсё, гэта факт пуску атамнай электрастанцыі ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу ў краіне, а таксама калі ключавыя падзеі прывязваюцца да палітычных дат. Так, фізічны пуск першага энергаблока быў прымеркаваны да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, так званае адкрыццё станцыі – да 7 лістапада, гадавіны рэвалюцыі 1917 года. Падобная практыка назіралася і на сумна вядомым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС, дзе адбылася аварыя з маштабным радыяцыйным выкідам», – гаворыцца ў заяве.

«Гэта пагаршаецца таксама і тым, што пуск БелАЭС, гэтак жа як і яе будаўніцтва, ажыццёўлены без згоды грамадзян Беларусі і суседніх краін, ва ўмовах ціску на грамадскасць, крытыкаў і экспертную супольнасць. Гэтыя факты адлюстраваны ў шэрагу рашэнняў апошніх гадоў канвенцый Орхускай і Эспоо ЕЭК ААН», – падкрэсліваюць падпісанты.

«Мы звяртаемся да Дзяржатамнагляду Беларусі, а таксама да міжнароднай супольнасці з заклікам ужыць увесь свой уплыў для спынення БелАЭС і належнага правядзення ўсіх неабходных працэдур, уключаючы ліцэнзаванне на эксплуатацыю», – адзначаецца ў дакуменце.

«Мы лічым, што станцыю нельга было запускаць, а тым больш адкрываць і ўводзіць у эксплуатацыю, пакуль не знойдзеныя рашэнні праблем яе бяспекі, а таксама абыходжання з адходамі, уключаючы адпрацаванае ядзернае паліва, пакуль не ліквідаваны ўсе парушэнні, уключаючы парушэнні канвенцый ЕЭК ААН. Гэта тым больш недапушчальна ў сітуацыі палітычнага крызісу, ціску на апанентаў і экспертную супольнасць, атмасферы сакрэтнасці і замоўчвання», – падкрэсліваюць эколагі і палітыкі.

Пра пуск АЭС выказалася таксама Святлана Ціханоўская:

-Уся гісторыя АЭС – гэта гісторыя безадказнасці рэжыма і асабіста Лукашэнкі. Сёння ён рызыкуе народам, які перажыў Чарнобыль і памятае гэтую трагедыю. Будова АЭС не абмяркоўвалася з беларускім грамадствам. Бяспека АЭС не абмяркоўвалася з суседнімі дзяржавамі-партнёрамі. А запуск рэалізуецца без незалежнага кантролю і неабходнага тэставання. Рэжым наўмысна запускае станцыю ў часе глыбокага крызісу, каб схаваць сваю чарговую халатнасць. Але мы не дамо гэтага зрабіць.

Рашэнне аб далейшай будучыні АЭС можа быць прынята толькі пасля грамадскага дыялогу і сур’ёзнага экспертнага аналізу праблем, звязаных са станцыяй – лічыць Святлана Ціханоўская.

ав/naviny.by