На нядзельных акцыях у межах дзённага Маршу народаўладдзя, а таксама лакальных вячэрніх пратэстаў, затрымана не менш за 1.023 чалавек паводле звестак праваабарончага цэнтру “Вясна”. Валанцёры паведамляюць у тэлеграм-каналах пра яшчэ большую лічбу затрыманых - не менш за 1.250 чалавек паводле дадзеных валанцёраў (тэлеграм-канал "Спісы затрыманых (Жодзіна+Акрэсціна+Баранавічы)"). Гэта рэкордныя лічбы пасля масавых затрыманняў 9 і 10 жніўня. Аб гэтым паведамляе БелаПАН.
Згодна са звесткамі праваабаронцаў на раніцу 9 лістапада, у Мінску затрымана не менш за 1.000 чалавек, астатнія — у Віцебску (3), Гомелі (3), Гродне (1), Магілёве (1), Баранавічах (1), Бярозе (1), Бабруйску (2), Жлобіне (1), Ляхавічах (2), Пінску (4), Полацку (2) і Салігорску (1). Месца затрымання аднаго чалавека не пазначанае.
Сярод затрыманых ёсць таксама журналісты і фотакарэспандэнты, між іншым карэспандэнт БелаПАН Ян Аўсеюшкін, які знаходзіцца ў Партызанскім РУУС. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, усяго было затрымана восем прадстаўнікоў СМІ, вызвалена — пяць. З улікам тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт, за кратамі знаходзяцца 16 журналістаў.
нг