Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лекары параўноўваюць разгон 8 лістапада са жнівеньскімі падзеямі

10.11.2020 14:40
Паводле медыкаў, траўмы ў пацярпелых былі аднатыпныя – разбітыя галовы, паламаныя ногі, рукі, шчыкалаткі.
8 ,
8 лістапада, Мінск PAP/EPA/STR

У нядзелю, 8 лістапада, падчас пратэстных маршаў было затрымана больш за 1000 грамадзянаў па ўсёй Беларусі. Сілавікі вярнуліся да жнівеньскай жорсткасці. Затрыманых зноў збівалі ў аўтазаках, зноў гадзінамі трымалі на холадзе з паднятымі рукамі. У лякарні зноў сталі прывазіць пацярпелых.

Лекарка хуткай дапамогі ананімна распавяла «Белсату» пра тое, што адбывалася ў БХМД пасля разгону і затрыманняў удзельнікаў пратэсту ў Мінску. Суразмоўца кажа, што ў гэты раз траўмы ў пацярпелых былі аднатыпныя – разбітыя галовы, паламаныя ногі, рукі, шчыкалаткі.

«Траўматолагі нам дапамагалі, гіпсавалі, бо былі пераломы аскепкавыя і са зрушэннем. Хлопцы казалі, што спачатку сілавікі білі па нагах – ламалі іх, каб чалавек упаў, а потым дабівалі па галаве», – распавядае лекарка.

Пацярпелыя распавядалі медыкам, што іх збівалі пры затрыманні, у бусах і ў аддзяленнях міліцыі. Машыны хуткай прывозілі людзей з РУУСаў Мінску. Але дапамогу змаглі атрымаць не ўсе.

«Дзяжурныя з хуткай казалі, што вельмі шмат збітых людзей. Але сілавікі аддавалі толькі тых, хто не мог узняцца, бо ногі паламаныя, хто губляў прытомнасць ці ванітаваў з-за траўмы галавы. Часам казалі дактарам, каб тыя перавязвалі людзей і пакідалі іх у аддзяленнях міліцыі. Няма ніякай прававой нормы, каб лекары маглі забраць чалавека ў міліцыі. Не даюць забіраць, не даюць аглядаць. Медыкаў нават не слухаюць».

Учора ўсе канваіры былі ў балаклавах і паводзілі сябе нахабна. «Медыкі больш для іх – не аўтарытэт абсалютна. Глядзяць на нас азлоблена, хамяць», – адзначыла лекарка.

ав/Белсат