У нядзелю, 8 лістапада, падчас пратэстных маршаў было затрымана больш за 1000 грамадзянаў па ўсёй Беларусі. Сілавікі вярнуліся да жнівеньскай жорсткасці. Затрыманых зноў збівалі ў аўтазаках, зноў гадзінамі трымалі на холадзе з паднятымі рукамі. У лякарні зноў сталі прывазіць пацярпелых.
Лекарка хуткай дапамогі ананімна распавяла «Белсату» пра тое, што адбывалася ў БХМД пасля разгону і затрыманняў удзельнікаў пратэсту ў Мінску. Суразмоўца кажа, што ў гэты раз траўмы ў пацярпелых былі аднатыпныя – разбітыя галовы, паламаныя ногі, рукі, шчыкалаткі.
«Траўматолагі нам дапамагалі, гіпсавалі, бо былі пераломы аскепкавыя і са зрушэннем. Хлопцы казалі, што спачатку сілавікі білі па нагах – ламалі іх, каб чалавек упаў, а потым дабівалі па галаве», – распавядае лекарка.
Пацярпелыя распавядалі медыкам, што іх збівалі пры затрыманні, у бусах і ў аддзяленнях міліцыі. Машыны хуткай прывозілі людзей з РУУСаў Мінску. Але дапамогу змаглі атрымаць не ўсе.
«Дзяжурныя з хуткай казалі, што вельмі шмат збітых людзей. Але сілавікі аддавалі толькі тых, хто не мог узняцца, бо ногі паламаныя, хто губляў прытомнасць ці ванітаваў з-за траўмы галавы. Часам казалі дактарам, каб тыя перавязвалі людзей і пакідалі іх у аддзяленнях міліцыі. Няма ніякай прававой нормы, каб лекары маглі забраць чалавека ў міліцыі. Не даюць забіраць, не даюць аглядаць. Медыкаў нават не слухаюць».
Учора ўсе канваіры былі ў балаклавах і паводзілі сябе нахабна. «Медыкі больш для іх – не аўтарытэт абсалютна. Глядзяць на нас азлоблена, хамяць», – адзначыла лекарка.
ав/Белсат