Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе з нагоды Нацыянальнага свята незалежнасці. У віншаванні ён запрасіў суседнюю краіну да канструктыўнага дыялогу пра будучыню двухбаковага супрацоўніцтва, піша reform.by.
«Толькі працуючы разам, зможам захаваць прыкметныя дасягненні ў гандлі, прамысловай кааперацыі, навуцы, адукацыі і іншых сферах. Гэта адказвае як нацыянальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў, так і жаданням мільёнаў жыхароў нашых краін», – гаворыцца ў віншаванні, перадае прэс-служба Лукашэнкі.
Таксама ён адзначыў, што беларусам і палякам лёсам прызначана жыць побач у міры і згодзе. Ён назваў галоўнай каштоўнасцю добрасуседства. «У сённяшніх няпростых абставінах неабходна захаваць наша добрасуседства як галоўную каштоўнасць, якую мы атрымалі ў спадчыну і павінны перадаць сваім нашчадкам», – сказаў ён.
Трэба адзначыць, што тон віншавання рэзка адрозніваецца ад публічных выказванняў Аляксандра Лукашэнкі. Так, учора ён заявіў, што насельніцтву Польшчы не падабаецца палітыка Анджэя Дуды. «Яны самі супраць такой палітыкі. Паглядзіце, да двух мільёнаў пратэсты ў самой Польшчы. Насельніцтву Польшчы не падабаецца тая палітыка, якую праводзіць там Дуда і іншыя», – сказаў ён.
Да гэтага ён заяўляў, што ў Польшчы пачалася рэвалюцыя з-за таго, што Анджэй Дуда фальсіфікаваў выбары. Раней Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што ў Гродне вывешваюць польскія сцягі, а Польшча і Літва хочуць адарваць гэты рэгіён, з-за чаго ён вымушаны быў перавесці на Захад дывізію. Учора Аляксандр Лукашэнка таксама папракнуў суседнія краіны ў жаданні зрабіць Беларусь сваёй правінцыяй.
«Польшча і ЗША заключылі яшчэ адзін дагавор аб ваенным супрацоўніцтве. Ужо перакідваюць са Злучаных Штатаў Амерыкі (не з Германіі ў Польшчу) новыя кантынгенты вайскоўцаў. Паўстае пытанне: навошта? Калі хто-небудзь з нашых не разумее, асабліва з гэтых пратэстуноў, хай падумаюць, што сітуацыя не такая простая. Калі хто-небудзь хоча зрабіць Беларусь правінцыяй Польшчы або Літвы, гэта толькі праз мой труп», – сказаў ён.
ав