У Гродне некалькі дзясяткаў чалавек затрыманыя на маршы памяці Рамана Бандарэнкі «Я выходжу». Мемарыл памяці прыбралі пад наглядам міліцыі.
Апоўдні каля двухсот чалавек сабраліся ў Гродне побач з мемарыялам Рамана Бандарэнкі на месцы, дзе знаходзіўся касцёл Фара Вітаўта, каб ушанаваць яго памяць.
Адтуль людзі спрабавалі сшыхтавацца ў калону і рушыць па Савецкай вуліцы, але АМАП пачаў іх хапаць, каб не даць гэта зрабіць.
Тыя, каго не схапілі пачалі крычаць «Жыве Беларусь!». Затрымалі больш дзясятка чалавек.
Астатнія, напачатку разышоўшыся, пачалі ізноў вяртацца да мемарыяла. Аднак прайсці туды ўжо было немагчыма: праходы былі застаўлены турнікетамі і каля іх стаялі сілавікі.
Людзі паспрабавалі сабрацца каля фарнага касцёла, пачалі запальваць там знічы і ўскладваць кветкі, утвараючы новы мемарыял. Але ім гэтага не далі. «У нас нават злачынствы не расследуюцца», – крычалі сілавікам гродзенцы.
І ўсё ж мемарыял прыбралі, як каля фарнага касцёла, так і на месцы Фары Вітаўта. Кветкі і лампадкі пакідалі ў мяхі і павывозілі.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ