Сярод дэпутатаў Еўрапарламента ідзе збор подпісаў пад лістом да Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) і яе прэзідэнта Рэне Фазеля, паведамляе «Еўрарадыё». У лісце прапануецца перанесці з Беларусі чэмпіянат свету па хакеі 2021 года.
Ініцыятаркай ліста стала шведская еўрадэпутатка Карын Карлсбра.
«Спорт не павінен быць палітыкай, але гэта не падстава заплюшчваць вочы на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Мы не можам праводзіць чэмпіянат свету на арэнах, дзе пратэстоўцаў арыштоўваюць і катуюць на вуліцах. Падтрымліваць рэжым, які выкарыстоўвае зброю супраць уласнага насельніцтва, цалкам непрымальна», – кажа еўрадэпутатка.
Карлсбра адзначае, што ёсць сур'ёзныя падстава падазраваць старшыню Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава ў нападзе на мірных пратэстоўцаў.
«У Міжнароднай федэрацыі хакея не павінна быць і пытанняў наконт спынення супрацоўніцтва з Баскавым да таго часу, пакуль не будзе праведзена незалежнае расследаванне. Недапушчальна, каб у гэтым пытанні не было прадпрынята ніякіх дзеянняў», – заяўляе Карлсбра.
Чалавека, падобнага на Баскава, бачылі на «Плошчы Перамен», калі там быў жорстка збіты Раман Бандарэнка, які на наступны дзень памёр. Пасля гэтага Латвія ўнесла ў чорны спіс яго і кікбаксёра Дзмітрыя Шакуту: чалавека падобнага да яго, таксама бачылі пры нападзе на «Плошчы Перамен». Сам Баскаў у заяве 17 лістапада паведаміў, што яго вінавацяць у тым, да чаго ён не меў ніякага дачынення.
Хакейны чэмпіянат свету 2021 года прызначана правесці ў Мінску і Рызе. Пасля жорсткіх нападаў на мірных дэманстрантаў у Беларусі Латвія прапанавала перанесці беларускую частку турніру ў іншую краіну.
эж