Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Святлана Ціханоўская гатовая ўзначаліць краіну ў пераходны перыяд

03.12.2020 15:01
«Усе мы разумеем, што рэжым развальваецца і за этапам ціску і пратэсту немінуча пачнецца этап дыялогу».
Святлана Ціханоўскаяфота: Тэлеграм-канал «Пул Першай»

Святлана Ціханоўская афіцыйна заявіла пра гатоўнасць узначаліць краіну ў пераходны перыяд. «Усе мы разумеем, што рэжым развальваецца і за этапам ціску і пратэсту немінуча пачнецца этап дыялогу. Людзі з сістэмы апынуцца ў сітуацыі, калі ім больш выгадна сесці за стол перамоваў, а не ваяваць з уласным народам», – сказала яна ў відэазвароце 3 снежня.

«Мяне многія пытаюцца, ці гатовая я быць лідарам народа ў гэты момант. Так, я афіцыйна заяўляю, што гатовая ўзначаліць краіну ў пераходны перыяд. Я бяру на сябе гэтую адказнасць, таму што ведаю, што я – не адна. Мая мэта – аб'яднаць лепшых экспертаў і дэмакратычныя сілы, каб Беларусь падышла да новых выбараў з найменшымі шокамі. Для гэтага створаны Каардынацыйны савет і кабінет прадстаўнікоў па розным сферам, і кожны з іх працуе ў інтарэсах беларусаў», – заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Па словах Ціханоўскай, яна і яе каманда ўжо распрацавалі канцэпцыю правядзення новых выбараў, праект канстытуцыйнай рэформы, якая будзе праведзена пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі, праграмы эканамічнай дапамогі ўразлівым групам, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. «Мы працягваем аказваць ціск на рэжым і працуем над тым, каб палегчыць і паскорыць пераходны перыяд і вярнуць уладу народу», – сказала яна.

«Яшчэ летам я абяцала вам, што падрыхтую ўмовы для правядзення новых празрыстых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І сваё слова я трымаю », – запэўніла Ціханоўская.

ав/naviny.by