За апошнія месяцы ў Гродне зачынены дзясяткі кавярняў і крамаў. Прычынай паслужыў не каранавірус, а грамадзянская пазіцыя ўласнікаў, якія далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі.
Для тых, каму давялося прайсці тыя нялёгкія выпрабаванні, пачаліся новыя праверкі.
У пятніцу ў памяшканне крамы «Адметнасць» з беларускімі сувенірамі прыйшлі правяраючыя адразу з некалькіх службаў: санэпідэмстанцыі, аддзелу гандлю гарвыканкама, пажарнай аховы і нават з ідэалагічнага аддзелу гарвыканкама.
Некалькі тыдняў таму крама з беларускімі сувенірамі «Цудоўня» ужо была зачынена ў выніку падобнай праверкі.
Гаспадар «Адметнасці» Сяргей Верамеенка ўпэўнены, што найперш гэтыя праверкі скіраваны на людзей, якія не хаваюць сваёй грамадскай пазіцыі.
А па-другое, на яго думку, дзяржава шукае грошы.
«Проста няма грошай. А таму трэба шчыміць, трэба лупіць, трэба абгрызаць, каб напаўняць бюджэт».
Алесь ЗАВІНОЎСКІ