Святлана Ціханоўская правяла перамовы з кіраўніцтвам нарвежскай кампаніі Yara – гандлёвага партнёра «Беларуськалія». Пра гэта палітык паведаміла на сваім сайце.
Сустрэча адбылася анлайн.
Yara стала першай заходняй кампаніяй, якая публічна выказалася аб парушэннях правоў працоўных у Беларусі пасля выбараў.
Свайн Тур Гульсэтэр, прэзідэнт кампаніі Yara, а таксама іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазіцыю нарвежскага ўраду аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека.
Прадстаўнікі кампаніі ўжо двойчы прыязджалі ў Беларусь і сустракаліся з кіраўніцтвам «Беларуськалія» – у верасьні і снежні. Прэзідэнт кампаніі Yara заявіў, што «парог непрымальнасці сітуацыі на «Беларуськаліі« ужо пройдзены». Кампанія будзе разглядаць новыя магчымасці ціску на беларускіх партнёраў і спосабы дапамогі страйкоўцам.
З моманту пачатку страйку ў жніўні на «Беларуськаліі» звольнілі ўжо 55 супрацоўнікаў, працоўныя атрымалі больш за 330 сутак адміністрацыйнага арышту ў суме. Страйкoўцы знаходзяцца пад сталымі рэпрэсіямі: іх затрымліваюць, аказваюць ціск на саміх рабочых і іх блізкіх. Тым не менш, працоўныя актыўна далучаюцца да незалежных прафсаюзаў і адстойваюць свае грамадзянскія правы, а таксама падтрымліваюць тры асноўныя патрабаванні беларускага народа: спыненне гвалту, вызваленне палітычных зняволеных, новыя сумленныя выбары.
яс