Слонімскую харальную сінагогу 1642 года, якая знаходзіцца ў недагледжаным стане, амаль за 30 тысяч рублёў купіла на аўкцыёне мінская пісьменніца Ілона Караваева, якая мае літаратурны псеўданім Іаана Рыўз.
Навіна найперш здзівіла слонімцаў, паколькі будынак старажытнай сінагогі прадаецца не першы раз і яго стан ужо выклікаў занепакоенасць мясцовых краязнаўцаў.
Яшчэ летась Лонданскі фонд яўрэйскай культуры выказваў жаданне выкупіць сінагогу, але ў іх гэта не атрымалася з грашовых прычын.
Дарэчы, прадстаўнікі менавіта гэтага фонду ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў сусветнай яўрэйскай спадчыны, якой патрэбна дапамога.
Слонімскі краязнаўца і пісьменнік Сяргей Чыгрын распавёў, што прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацыі з розных краін на працягу апошніх 20 год прыязджалі, глядзелі і збіраліся купіць сінагогу, але да гэтага так і не дайшло.
З Ілонай Караваевай ён асабіста не знаёмы і не вельмі ўяўляе, што ёй удасца зрабіць з закінутым будынкам сінагогі.
«Каб яе адрэстаўраваць неабходна каля 5 мільёнаў долараў. Гэта ацэньвалася, калі яе хацелі купіць яўрэйскія арганізацыі. Яны падлічвалі выдаткі».
Алесь ЗАВІНОЎСКІ