Незалежныя медыя Беларусі запісалі відэазварот, у якім прадстаўнікі незалежных СМІ распавялі пра тое, у якіх умовах даводзіцца працаваць з сярэдзіны 2020 года. Журналістаў збіваюць, садзяць на «суткі», абвінавачваюць па крымінальных справах і пазбаўляюць акрэдытацый. Сваю гісторыю распавёў між іншым карэспандэнт Радыё Свабода Алег Груздзіловіч, які ў прафесіі ўжо звыш 40 гадоў.
- У пачатку 90-ых гадоў мне даводзілася браць інтэрв’ю ў Міхаіла Гарбачова, паціскаць руку Білу Клінтану, спрачацца з Ельцыным і Лукашэнкам. У 2020 годзе ў мяне без тлумачэння прычын адабралі акрэдытацыю, а суд даў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, хаця я працаваў там як журналіст.
Агульная сума штрафаў журналістам і медыя склала амаль 59 891 рубель, 97 разоў журналісты адбывалі адміністрацыйны арышт, дзевяць прадстаўнікоў медыя зараз знаходзяцца ў СІЗА па крымінальных справах.