Святлана Ціханоўская правяла рабочую сустрэчу з Аушрыне Армонайтэ – міністрам эканомікі і інавацый Літвы - паведамляе сайт С. Ціханоўскай. Святлана падзякавала за падтрымку Беларусі, дапамогу з выдачай нацыянальных віз і адкрыццё гуманітарнага калідора, а таксама за дапамогу кампаніям і прадпрыемствам, якія падпалі пад рэпрэсіі і часова рэлакуюцца ў Літву. Ціханоўская падкрэсліла важнасць таго, каб гэтыя кампаніі змаглі працягваць сваю працу і вярнуцца ў Беларусь, як толькі з'явіцца магчымасць.
Ціханоўская прапанавала спрасціць міграцыйныя ўмовы для беларускіх прадпрымальнікаў, студэнтаў, актывістаў, рабочых. З-за масавых рэпрэсій многія вымушаныя часова выехаць з краіны. У прыватнасці, ішла размова аб працаўладкаванні рэлакантаў з гуманітарнымі візамі. Таксама Святлана казала пра важнасць падтрымкі праваабарончых арганізацый, якія знаходзяцца ў Літве і працуюць з Беларуссю, – як і больш за 100 беларускіх НДА і СМІ, зарэгістраваных у Літве.
Святлана Ціханоўская прапанавала пашырыць пакет індывідуальных і кропкавых эканамічных санкцый супраць рэжыму, у тым ліку, прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях. Абмеркавалі і магчымасць кропкавых тарыфных санкцый супраць Беларуськалію, на якім больш за 130 чалавек працягваюць стачку, нягледзячы на ціск і рэпрэсіі.
Армонайтэ і Ціханоўская дамовіліся правесці экспертны круглы стол на тэму будучых эканамічных рэформаў у Беларусі, з улікам вопыту Літвы і балтыйскіх краін. Ціханоўская падкрэсліла важнасць працы над стратэгіяй супрацоўніцтва дзвюх краін такім чынам, каб эканамічная трансфармацыя Беларусі пасля Лукашэнкі прайшла безбалюча.
нг