Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мінэнерга: першы блок БелАЭС адключаны ад сетак пасля таго, як спрацавала сістэма абароны генератара

17.01.2021 09:50
Вытворчасць электраэнергіі на першым блоку БелАЭС ужо неаднаразова прыпынялася.
Астравецкая АЭСnaviny.by

Першы энергаблок Беларускай АЭС быў адключаны ад сеткі 16 студзеня ў 19.02 пасля таго, як спрацавала сістэма абароны генератара, паведамляе «БелаПАН» па спасылцы на прэс-службу Міністэрства энергетыкі.

«Сістэма аховы спрацавала ў працэсе эксперыментальнай і прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока ў рамках правядзення выпрабаванняў сістэмы і абсталявання. Радыяцыйны фон у раёнах станцыі ў норме», – адзначылі ў энергетычным ведамстве.

Прэс-служба дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Белэнерга» паведаміла, што энергетычная сістэма краіны працуе ўстойліва.

Вытворчасць электраэнергіі на першым блоку БелАЭС ужо неаднаразова прыпынялася, пасля аднаўлялася і зноў прыпынялася. Улады тлумачылі гэта неабходнасцю карэкціроўкі тэхнікі, а таксама запланаванымі перапынкамі.

ав/naviny.by