Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусь пазбавілі права праводзіць сёлетні чэмпіянат свету па хакеі

18.01.2021 18:27
Чэмпіянат свету 2021 года быў запланаваны з 21 траўня па 6 чэрвеня ў Беларусі і Латвіі.
.
.Antranias/pixabay.com

Беларусь пазбавілі права праводзіць сёлетні чэмпіянат свету па хакеі, які меўся праходзіць у Мінску і Рызе. 

Сёння парламент Латвіі адхіліў магчымасць сумеснага правядзення ў 2021 годзе чэмпіянату свету разам з Беларуссю.

«Латвія адхіляе любую магчымасць зладзіць хакейны чэмпіянат разам з Беларуссю, бо пры цяперашніх абставінах, калі ў Беларусі праводзяцца гвалтоўныя рэпрэсіі, ладзіць спартыўнае мерапрыемства такога маштабу ў Мінску з'яўляецца недапушчальным», – прыводзіць партал delfi.lv.

Святлана Ціханоўская напісала на сваёй старонцы:

"Гэта перамога, таму што не будзе дадатковай хвалі рэпрэсій дзеля «зачысткі» горада перад Чэмпіянатам свету. Гэта перамога, таму што ў Лукашэнкі не атрымалася зрабіць выгляд, быццам у яго ўсё пад кантролем. Гэта перамога, таму што беларусы дамагліся свайго – і зрабілі гэта разам.

Гэта перамога Аляксандры Герасімені і Фонду спартыўнай салідарнасці. Яны актыўна працавалі з Федэрацыяй і яе партнёрамі, вялі перамовы і заклікалі не легітымізаваць рэжым, які прайграў выбары.

Гэта перамога беларускай дыяспары. Беларусы ў розных краінах выходзілі на пікеты ля офісаў Міжнароднай Федэрацыі Хакея IIHF і спонсараў чэмпіянату, дапамагалі замежным СМІ пісаць пра тое, што адбываецца беларусі. Яны дзякавалі Škoda, Nivea і Tissot за адмову спансіраваць чэмпіянат, які служыць шырмай для страшнага гвалту з боку рэжыму.

Гэта перамога міжнароднай каманды Кабінета прадстаўнікоў і Паўла Латушкі, якія на кожнай сустрэчы з замежнымі дыпламатамі казалі, як нам важная іх падтрымка.

Гэта перамога кожнага беларуса, які ведае, што хакей – гэта гульня, і беларусы не збіраюцца гуляць са злачынцамі.

Гэта наша агульная перамога.

Вось што адбываецца, калі людзі абʼядноўваюцца. Я веру, што разам мы здольныя вызваліць палітвязняў і не даць ператварыць нашу краіну ў «лагер». Дарагія беларусы, разам мы вернем закон і сумленныя выбары. І вось тады мы з радасцю правядзем чэмпіянат і запросім на яго ўсіх нашых міжнародных партнёраў і сяброў, якіх у гэтым годзе стала нашмат больш».

Розныя еўрапейскія грамадскія арганізацыі заклікалі Міжнародную арганізацыю хакея IIHF забраць чэмпіянат свету 2021 года ў Мінска з прычыны напружанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

яс