19 студзеня ў Першамайскім судзе Віцебска разгледзелі справу ў дачыненні Алены Коснавай і Таццяны Севярынец.
Жанчын вінавацілі ў тым, што яны разам з чацвёркай сябровак 13 студзеня ў грамадскім месцы – лесапаласе, прынялі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Таццяна Севярынец патлумачыла, што гэта «абгавор». Сяброўкі сустрэліся ў Шпілеўскім лесе, каб заняцца скандынаўскай хадзьбой і ніякай палітыкі тут няма.
- Пад’язджае да нас машына, людзі ў чорным атачылі нас з усіх бакоў. Пытаюцца: «А што вы тут робіце?» Няўжо не відаць, што займаемся зарадкай? Кажуць, ім патэлефанавалі, што мы ў гэтым лесе нешта замышляем.
Суддзя Вераніка Барысава спыніла справу па артыкуле 23.34 і прынесла афіцыйныя выбачэнні. Рашэнне суда сустрэлі авацыямі.
Святаслаў Бруйко