Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У рэдакцыі Hrodna.life засталіся голыя сцены

29.01.2021 14:56
У памяшканнях гродзенскіх інтэрнэт-рэсурсаў Hrodna.life і Newgrodno.by адбыліся міліцэйскія ператрусы.
Ператрус у рэдакцыі парталуфота: Hrodna.life

Шукалі матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі аднаго з тэлеграм-каналаў, які ў Беларусі нельга называць.

Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, матэрыялы экстрэмісцкага тэлеграм-канала знаходзіліся ў вольным доступе, а рэдакцыі абодвух інтэрнэт-рэсурсаў, маўляў, не выдалілі іх.

Больш за тое, абодва рэсурсы асвятлілі ў сябе прызнанне матэрыялаў дэструктыўнага тэлеграм-канала экстрэмісцкімі.

Рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, супраць якога пачалі адміністрацыйны працэс, дапусціў, што недзе на сайце знайшлі старыя спасылкі на экстрэмісцкі тэлеграм-канал.
Хаця, як толькі ён быў прызнаны экстрэмісцкім, яны пачысцілі спасылкі на яго.

Пры ператрусе прысутнічала супрацоўніца рэдакцыі Ірына Новік. Паводле яе, у памяшканні засталіся толькі сталы:

-Усё канфіскавалі: усе фотаапараты, дрон, усе флэшкі, усю друкаваную прадукцыю, часопісы, календары. Пазабіралі ўсё, што было, і пакінулі пустую рэдакцыю.

Што датычыць рэдакцыі Newgrodno.by, рэдактар Ігар Рэмзік на тэлефонныя званкі не адказвае.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ