Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна» просяць экспертаў ААН заклікаць беларускія ўлады забяспечыць палітвязню Віктару Бабарыку права на абарону і справядлівае судовае разбіральніцтва яго крымінальнай справы, а таксама даць магчымасць абскарджання прысуду ў апеляцыйным парадку.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што паводле ч. 5 арт. 370 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса «Прысуды, пастановы Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь абскарджанню і апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягаюць». Адпаведна, прысуды, вынесеныя Вярхоўным судом, уступаюць у сілу неадкладна.
Разам з тым, у п. 5 арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што «Кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і прысуд былі перагледжаныя вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна з законам».
Праваабаронцы адзначаюць, што ў адсутнасць магчымасці на працягу месяца аказання прававой дапамогі Віктару Бабарыку на канфідэнцыйнай аснове ў ходзе азнаямлення з крымінальнай справай перад перадачай у суд, у сувязі з адвольным пазбаўленнем ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці яго абаронцы Аляксандра Пыльчанкі, заключэнні пад варту адваката палітвязня па пытаннях выбарчага заканадаўства Максіма Знака, гаворкі аб справядлівым судовым разглядзе крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» не можа ісці ў прынцыпе.
ав