Слонімскі райвыканкам і райсавет адмовіліся публікаваць прозвішчы дэлегатаў, якія паедуць ад раёна на шосты Усебеларускі сход.
З просьбай да раённых уладаў надрукаваць на сайце раённай газеты прозвішчы дэлегатаў звяртаўся мясцовы актывіст Алесь Масюк.
Днямі ён атрымаў афіцыйныя пісьмовыя адказы. Старшыня райвыканкама Генадзь Хоміч піша, што на сход ад раёна абрана 9 дэпутатаў мясцовых Саветаў і 6 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў ад Слонімскага раёна.
У лісце таксама гаворыцца, што ў раённай газеце штотыдзень з’яўляюцца інтэрв’ю з абранымі дэлегатамі.
А вось старшыня раённага Савета Алег Таргонскі напісаў: “Улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю, у спіс удзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу, выбраных ад Слонімскага раёна, могуць уносіцца змены, а значыць ён не з’яўляецца канчатковым. У сувязі з чым, лічым яго апублікаванне немэтазгодным”.
“Што гэта за ўсенародны сход, калі людзі не ведаюць сваіх дэлегатаў. Яны баяцца апублікаваць нават прозвішчы іх, а гэтыя людзі магчыма будуць прымаць рашэнні, якія будуць датычыць усяго народу".
Алесь ЗАВІНОЎСКІ