Золатавалютныя рэзервы Беларусі за студзень скараціліся на 265 млн долараў, або на 3,5%, і на 1 лютага склалі 7 млрд 203,4 млн долараў паведамляе сайт "Навіны". Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка, скарачэнне рэзерваў абумоўлена пагашэннем дзяржавай «знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 410,6 млн долараў, а таксама памяншэннем кошту манетарнага золата».
«Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце», – удакладняе Нацбанк.
Рэгулятар нагадвае, што згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год міжнародныя рэзервовыя актывы да канца года павінны скласці не менш за 6 млрд долараў. На мінулым тыдні першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэнні праўлення адзначыў, што далейшае зніжэнне рэзерваў у 2021 годзе чакаецца ў сувязі з неабходнасцю выплат па дзяржаўнаму доўгу ў памеры 3,3 млрд долараў.
«У існуючых эканамічных умовах прагназаванае зніжэнне золатавалютных рэзерваў да велічыні, эквівалентнай не менш за два месяцы імпарту тавараў і паслуг, не нясе празмерных рызык для макраэканамічнай стабільнасці», – запэўніў першы намеснік кіраўніка Нацбанка.
За 2020 год золатавалютныя рэзервы істотна скараціліся – на 1,9 млрд долараў, або на 20,5% (на пачатак 2020 го яны складалі 9,4 млрд долараў). У мінулым годзе рэзервы істотна зніжаліся двойчы: у сакавіку – на 1.018,4 млн долараў, у жніўні – на 1.399,8 млн. Памяншэнне рэзерваў было абумоўлена ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні – палітычным крызісам. На фоне ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва ў 2020 годзе купіла замежнай валюты на 1.969,8 млн долараў больш, чым прадало.
У кастрычніку беларускія ўлады, калі разлічваліся па даўгах за газ, прыцягнулі крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 млн долараў, што дазволіла некалькі павялічыць золатавалютныя рэзервы. Акрамя гэтага, у канцы снежня ў Беларусь паступіў першы транш у 500 млн долараў дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расіі. Чакаецца, што другі транш на такую ж суму будзе пералічаны ў бягучым годзе.
нг