Беларуская Служба

Магіляўчанку аштрафавалі за подпіс у пратаколе

27.04.2021 12:09
Магіляўчанка пакінула на бланку той жа подпіс, што і ў яе пашпарце, атрыманым 12 гадоў таму. 
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjnePAP/EPA/STR

26 красавіка суддзя Кастрычніцкага суда Магілёва Наталля Крашкіна аштрафавала магіляўчанку Марыю Войнаву за роспіс у пратаколе. Дзяўчыну прызналі вінаватай у "распаўсюдзе прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць", перадае euroradio, спасылаючыся на праваабарончы ТГ-канал MAYDAY.

Напрыканцы сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі з дзяўчынай "прафілактычную гутарку" наконт недапушчальнасці дзеянняў, якія парушаюць заканадаўства. Потым ёй далі бланк афіцыйнага папярэджання, дзе Войнава распісалася. 

Магіляўчанка пакінула на бланку той жа подпіс, што і ў яе пашпарце, атрыманым 12 гадоў таму. А ў тым подпісе можна пабачыць абрэвіятуру з 4 літар і 4 кропак, якую часта расшыфроўваюць як крытыку супрацоўнікаў паліцыі ("копаў"). У 2018 годзе гэтая абрэвіятура была ўнесеная ў Беларусі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Праз два тыдні пасля "прафілактычнай гутаркі" Войнаву выклікалі да ўчастковага, дзе яе чакалі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Фурманаў і Захараў. Чатыры гадзіны яны задавалі дзяўчыне розныя пытанні, а потым склалі на яе адміністрацыйны пратакол.

На судзе 26 красавіка магіляўчанка заявіла, што пасля пратаколу перастала так распісвацца. Пры гэтым яна дадала, добрыя супрацоўнікі міліцыі ніколі б не палічылі, што абрэвіятура іх закранае. Фурманаў, які выступаў на судзе сведкам, адказаў, што ад распаўсюду гэтай абрэвіятуры "ў інтэрнэце мемасікі гуляюць".

Суддзя аштрафавала Войнаву на 290 рублёў (10 базавых велічыняў).

эж