Беларуская Служба

У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, сілавікі ўзяліся за спартоўцаў ды людзей культуры

27.04.2021 12:25
У аўторак раніцай стала вядома, што да славутага баскетбаліста зборнай Беларусі Аляксандра Куля прыйшла міліцыя.
Здымак мае ілюстрацыйны характарspring96.org

Цяпер спартовец не адказвае на званкі. Баскетбаліста затрымалі, пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена.

Аляксандр Куль быў адным з першых падпісантаў ліста спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары, а таксама выступаў у падтрымку арыштаванай баскетвалісткі Алены Леўчанка.

26 красавіка каля дома быў затрыманы вядомы музыка ды этнограф Аляксей Крукоўскі. Паведамляюць, што ён знаходзіцца на Акрэсціна. У той жа дзень затрымалі адлічаную студэнтку МДЛУ Анастасію Вайтовіч. 

«Затрымалі на Плошчы Свабоды ля касцёла. Насця прыйшла, каб паставіць свечку, але касцёл быў зачынены. Праз пару хвілін падышоў супрацоўнік АМАП, спытаў дакументы і павёў у аўтазак », - напісаў канал« МДЛУ за Свабоду». Пазней студэнтку асудзілі на 15 сутак арышту.

У сваю чаргу срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка абвясціў 10-дзённую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнямі.

- Мяне пужае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай. А за кратамі прама зараз сядзяць сапраўдныя людзі — гэта іх рэальныя жыцці, гэта паламаныя жыцці іх сем'яў. Ніхто не верне ім гэтага часу, яго ніколі нельга будзе нагнаць. І я не магу змірыцца з гэтым.

Не вядомы лёс старшыні партыі “Зялёныя” Дзмітрыя Кучука. Учора ён перастаў выходзіць на сувязь. Недасяжны яго асабісты тэлефон, а таксама тэлефон офіса партыі.

юл