Беларуская Служба

Пенсіянера пакаралі за сцяг, размешчаны ў альтанцы на ўласным панадворку

19.05.2021 12:11
Астравецкі раённы суд аштрафаваў на 1160 рублёў пенсіянера з мястэчка Варняны Мікалая Уласевіча. 
Ілюстрацыйны здымакhttps://flagmaster.com.ua/flag/belarusii-1.html

Астравецкі раённы суд аштрафаваў на 1160 рублёў пенсіянера з мястэчка Варняны Мікалая Уласевіча за тое, што ў ягонай альтанцы на падворку вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Як напісаў у сваім Фэйсбуку сам Уласевіч, дадому да яго прыйшлі адразу некалькі міліцыянераў.
За тое, што сцяг вісіць у альтанцы склалі пратакол. Сцяг канфіскавалі, а таксама Пагоню, якая там вісела.
Канфіскавалі і манітор ад камп'юутара на той падставе, што калі Уласевічу дадуць штраф, то манітор не вернуць да той пары пакуль ён яго не выплаціць.

Пенсіянера прызналі вінаватым і асудзілі на 40 базавых велічынь. Уласевіч з гэтае нагоды вельмі расхваляваўся, бо гэта болей за дзве яго пенсіі.

«Сорак базавых велічынь за тое што я нічога не зрабіў – гэта ўжо ні ў якія вароты... Тым больш, што гэта мая прыватная ўласнасць. І даць такі штраф – гэта ўдар па галаве».

Сцяг суд пастанавіў знішчыць.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ