Паводле апошніх звестак TUT.by, у ізалятары часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама і СІЗА КДБ знаходзяцца 12 супрацоўнікаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА», лёс яшчэ аднаго невядомы.
У СІЗА КДБ пасля затрымання дастаўлены галоўны бухгалтар Анжэла Асад, гендырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў і дырэктар стартапа RocketData Дар'я Данілава (як удзельніца аднаго з праектаў TUT.by).
У ІЧУ знаходзяцца галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактар Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны інжынер Ала Лапатко, юрыст Кацярына Ткачэнка, намеснік бухгалтара Марыя Новік, менеджэр Андрэй Аўдзееў, а таксама былы юрыст TUT. by Ірына Касцючэнка.
Пад хатнім арыштам знаходзіцца ўдава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.
Невядома месцазнаходжанне намесніка дырэктара Аляксандра Дайнекі.
«Да некаторых з калегаў сёння выклікалі адвакатаў. Тых, хто знаходзіцца [ў ІЧУ] на Акрэсціна, дастаўлялі на допыты ў ДФР. З-за гэтага ў родных нашых калегаў узніклі цяжкасці з перадачамі: калі людзі былі на допытах, рэчы не прымалі. Аднак у выніку перадачы ўзялі пасля вяртання калегаў у ІЧУ», – гаворыцца ў паведамленні TUT.by.
Раніцай 18 мая ў офісы партала TUT.by і хостынг-правайдэра hoster.by прыйшлі супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю (КДК), паведаміў у «Фэйсбуку» сузаснавальнік партала Кірыл Валошын.
Пазней ДФР паведаміў, што службовых асоб ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Сайт TUT.by з 18 мая заблакаваны. Такое рашэнне прыняло Міністэрства інфармацыі на падставе апавяшчэння Генпракуратуры.
Пазней стала вядома аб затрыманні больш за дзесяці супрацоўнікаў кампаніі. Акрамя таго, да гэтага часу ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.
ав/naviny.by