Беларуская Служба

ByPol апублікаваў расследаванне пра выкарыстанне Міжнароднай паліцыі рэжымам Лукашэнкі

11.10.2021 12:17
Паводле дадзеных ініцыятывы ByPol у міжнародны вышук абвяшчаюцца людзі, якія падвяргаюцца пераследу за свае палітычныя дзеянні.
  ByPol
Лагатып ініцыятывы ByPolфота з адкрытых крыніц

Так Польшча адмовіла ў выдачы Макарыя Малахоўскага, на якога завялі крымінальную справу з нагоды нібыта наезду на супрацоўніка ДПС Юрыя Астроўскага.

«Аднак прызнаны пацярпелым па крымінальнай справе з нагоды нібыта ўжытага ў дачыненні яго гвалту ў медустановы не звяртаўся. І на відэа, якое зафіксавала інцыдэнт, бачна, што інспектар, у парушэнне ўсіх мажлівых інструкцый і правіл, сам кінуўся пад колы аўтамабіля і пры гэтым ніколькі не пацярпеў», – гаворыцца ў расследаванні.

ByPol звяртае ўвагу, што Малахоўскі ўжо быў асуджаны і адбыў адміністрацыйнае пакаранне.

Прадстаўнік ініцыятывы Алег Талерчык падкрэслівае, што спроб вышуку людзей па палітычных матывах праз Інтерпол нямала:

«Паводле ўставу, Інтэрпол не прымае ў росшук асобаў, якіх пераследуюць па палітычных матывах. Але калі пры запаўненні цыркуляра росшуку схаваць сапраўдныя матывы росшуку, ці простымі словамі падмануць генсекрытарыят Інтэрполу, сказіўшы склад злачынства, то дабіцца абвяшчэння грамадзяніна ў міжнародны росшук рэальна».

У расследаванні ёсць запіс тэлефоннай размовы, дзе сілавікі абмяркоўваюць, як падаць заяўку ў вышук за пратэстнае графіці, каб яна не выглядала палітычным пераследам:

«Тады глядзі, калі будзе пазначана, што сцягі, то тады не пройдзе. А калі проста, што псавалі маёмасць, размалёўвалі фарбай, штосьці такое, то можа прайсці».

Беларускаму бюро Інтэрполу ўжо было вынесена папярэджанне за абвяшчэнне ў росшук палітычных апанентаў, і калі зноў будзе заяўка на росшук чалавека па палітычных матывах – удзел Беларусі ў Інтэрполе можа быць спынены. Так раней адмовілі ў росшуку палітычных дзяячак Святланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай.

яс/Белсат