Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна, але на іх склалі новыя пратаколы.
Сёння над імі прайшлі чарговыя суды па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.
21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. На гэты раз пратакол на Анастасію склалі за перасыл мужу 21 чэрвеня паведамлення з канала «Hехта».
На Сяргея пратакол склалі за тое, што 16 чэрвеня ён пераслаў жонцы навіну з канала «МотолькоПомоги».
ав/Вясна