Беларуская Служба

У гэтую хвалю COVID-19 у лякарні трапляюць нават нованароджаныя. Ім патрэбна ШВЛ

16.11.2021 13:30
Дзве апошнія хвалі COVID-19 медыкі Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы называюць самымі цяжкімі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneJacek Szydlowski / Forum
У першую хвалю дзеці хварэлі лёгка, назіраліся толькі рэспіраторныя сімптомы. У другую хвалю — да іх дадалася кішэчная інфекцыя. Пры гэтым хворых дзяцей было няшмат.

Аднак, «гэтай восенню ўпершыню з пачатку пандэміі да нас сталі паступаць нованароджаныя, якія маюць патрэбу ў ШВЛ, а таксама дзеці з мультысістэмным запаленчым сіндромам», кажа намеснік галоўнага лекара па медыцынскай частцы клінікі Ларыса Васільчанка. Яе словы прыводзіць «Еўрарадыё» са спасылкай на sb.by.

Медыка радуе толькі адно: «За ўвесь час мы не страцілі ніводнага маленькага пацыента, думаю, у дзяцей ёсць нейкі адмысловы рэзерв». З пачатку года ўрачы абласной дзіцячай клінікі пралячылі ўжо 860 маленькіх пацыентаў з COVID-19.

У рэанімацыйным аддзяленні клінікі занятыя ўсе койкі. Па словах загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Аляксандра Клачко, «дзеткі пераносяць інфекцыю вельмі цяжка, у некаторых паражэнне лёгкіх даходзіць да 75 працэнтаў».

Міністэрства аховы здароўя Беларусі працягвае рапартаваць, што «ковід адступае» і распавядае, якія клінікі вяртаюцца да планавай працы. Вярнуцца да аказання планавай дапамогі каля месяца таму ад медыцынскіх чыноўнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

вх