Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская ўвайшла ў спіс самых уплывовых жанчын свету паводле Financial Times

02.12.2021 10:04
У спіс самых уплывовых жанчын года, паводле версіі гэтага выдання, Святлана ўваходзіла і летась.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org

Лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская сёлета ўвайшла ў спіс самых уплывовых жанчын свету – «Жанчыны года 2021» па версіі Financial Times.

Спіс складаецца ў выніку галасавання чытачоў дадзенага выдання. Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь далей знаходзіцца ў фокусе зацікаўлення, – адзначае прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

- Гэта датычыць не столькі самой Святланы, колькі беларускага народу, які гераічна змагаецца ўжо паўтара года. Гэта ўвага ўсяго свету да беларускага пытання. Важна, што Беларусь застаецца ў топе ўвагі, мы можам разлічваць на падтрымку дэмакратычных сілаў усяго свету.

Акрамя Ціханоўскай, у спіс патрапілі генеральная дырэктарка General Motors Мэры Бара, спікер Палаты Прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пеласі, прэзідэнтка Тайваня Цай Інвэнь, тэнісістка Наомі Осака, сцэнарыстка Шонда Раймс, актрыса Скарлет Ёхансан і іншыя.

У спіс самых уплывовых жанчын года, паводле версіі гэтага выдання, Святлана ўваходзіла і летась. Тады ў ім было 12 жанчын. Разам з Ціханаўскай, якая знаходзілася на чацвёртым месцы, самымі ўплывовымі жанчынамі ў 2020 годзе палічылі прэм'ер-міністра Новай Зеландыі Джасінду Ардэрн, вядучую вучоную кампаніі Biontech Озлем Турэчы, якая распрацоўвае вакцыну ад каранавіруса, віцэ-прэзідэнта ЗША Камалу Харыс і палітыка Стэйсі Абрамс за паспяховую кампанію дэмакратаў у штаце Джорджыя.

У мінулым годзе Святлану Ціханоўскую таксама ўключылі ў спіс BBC «100 жанчын 2020 года».

паводле Zerkalo.io/нг