Беларуская Служба

Аляксандр Лукашэнка названы "Карупцыянерам года"

27.12.2021 13:07
Журы ў складзе шасці журналістаў і экспертаў выбрала А. Лукашэнку з рэкордных 1166 прэтэндэнтаў, намінаваных калегамі і чытачамі.
(zdjęcie ilustracyjne)
(zdjęcie ilustracyjne)bluedog studio / shutterstock

Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) прысудзіў званне «Карупцыянер года – 2021» Аляксандру Лукашэнку. «Апошні дыктатар Еўропы» ўдастоіўся гэтай узнагароды за патуранне арганізаванай злачыннасці і карупцыі.

Журы ў складзе шасці журналістаў і экспертаў у галіне супрацьдзеяння карупцыі выбрала Лукашэнку з рэкордных 1166 прэтэндэнтаў, намінаваных калегамі і чытачамі. Упершыню «Карупцыянера года» абралі аднагалосна.
Фіналісты звання «КАРУПЦЫЯНЕР ГОДА – 2021» (кандыдатаў вылучаюць чытачы, журналісты і рэдактары OCCRP і партнёрскіх арганізацый):

Пераможца: Аляксандр Лукашэнка. Фіналісты: экс-прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані; прэзідэнт Сірыі Башар Асад; прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган; былы канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц.

«У плане карупцыі гэта быў "выдатны" год, але Лукашэнка ўсіх перагнаў», – пракаментаваў рашэнне каардынатар журы, сузаснавальнік OCCRP Дру Саліван.

Вось чым вызначыўся Лукашэнка за апошні год: арганізаваў патокі дзяржаўных сродкаў алігархам, блізкім яго сям'і; загадаў перахапіць і пасадзіць у Мінску пасажырскі самалёт Ryanair з беларускім дысідэнтам на борце з парушэннем міжнароднага паветранага права; справакаваў міграцыйны крызіс, накіраваўшы тысячы мігрантаў да мяжы Беларусі з Еўрасаюзам; распаўсюджваў дэзынфармацыю аб каранавірусе і метадах яго лячэння.

Яшчэ адна ўдзельніца журы Луіза Шэлі з Універсітэту Джорджа Мэйсана кажа, што ў палітычнай гульні Лукашэнка прадэманстраваў новы ўзровень цынізму і жорсткасці. Паводле слоў Шэлі, Лукашэнка «выкарыстоўваў злачынныя і карумпаваныя сеткі беларускага ўрада, каб справакаваць масавую міграцыю, якая выклікала адчай, насілле і бясконцую жорсткасць».

Горкая іронія заключаецца ў тым, што Лукашэнка ішоў да перамогі на сваіх першых прэзідэнцкіх выбарах менавіта пад лозунгамі барацьбы з карупцыяй.

нг