Беларуская Служба

У Рэчыцы затрымалі сяброў загінулага Дзмітрыя Усхопава

04.01.2022 12:51
Вядомыя прозвішчы мінімум чацвярых затрыманых.
Аўдыё

Праваабаронцы паведамляюць, што ў Рэчыцы затрымліваюць сяброў загінулага ў навагоднюю ноч Дзмітрыя Усхопава. Вядомыя прозвішчы мінімум чацвярых затрыманых.

Пацверджана інфармацыя аб затрыманні Аляксея і Ганны Давыдковых, Аляксандра Снабкова, Іллі Бракарэнкі, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі ПЦ «Вясна».

Маладыя людзі былі блізкімі сябрамі загінулага і павінны былі сёння прыйсці на ягонае пахаванне, у тым ліку, каб дапамагаць яго блізкім, але з раніцы перасталі выходзіць на сувязь. Пазней ад сваякоў стала вядома, што іх затрымалі.

Праваабаронцы таксама паведамляюць, што няма сувязі яшчэ з некалькімі людзьмі з блізкага кола сяброў Усхопава. Цяпер высвятляецца іх месцазнаходжанне.

Нагадаем, у Рэчыцы ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня пасля затрымання супрацоўнікамі міліцыі памёр мясцовы жыхар, 28-гадовы Дзмітрый Усхопаў. Блізкія мяркуюць, што мужчыну збівалі ў міліцыі, што і стала прычынай смерці. Афіцыйныя каментарыі з нагоды смерці мужчыны з'явіліся толькі праз некалькі дзён.

У СК пацвердзілі, што сілавікі прымянялі сілу пры затрыманні Дзмітрыя Усхопава, аднак заявілі, што смерць «не носіць траўматычнага характару». Пазней заявілі, што пры затрыманні Дзмітрый быў моцна пʼяны: «канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві мужчыны склала 4,3 праміле». Акрамя таго, пры ім знайшлі пакуначак з марыхуанай, аналагічнае рэчыва выяўлена і ў мачы памерлага.

У ведамстве таксама дадалі, што пры аглядзе мабільнага тэлефона Усхопава выяўлена перапіска з інтэрнет-крамай па продажы наркотыкаў, што можа сведчыць аб датычнасці мужчыны да незаконнага абароту наркотыкаў.

zerkalo.io / вх