Беларуская Служба

Сілавікі зноў затрымалі Наталлю Дуліну – былую дацэнтку МДЛУ і члена Каардынацыйнай рады

03.10.2022 17:46
На «пакаяльным» відэа Наталля Дуліна распавядае, што была затрыманая 3 кастрычніка за інтэрв’ю «экстрэмісцкаму фармаванню».
Наталля ДулінаСкрыншот/YouTube

Сілавікі зноў затрымалі Наталлю Дуліну – былую дацэнтку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту (МДЛУ) і члена Каардынацыйнай рады. Раней Наталлю Дуліну ўжо некалькі разоў арыштоўвалі на 15 сутак за «дробнае хуліганства» і «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, паведамляе, што гэтым разам Наталлю абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «перакрыцці дарог» і «рэгістрацыі ў плане «Перамога». Ёй пагражаюць некалькімі крымінальнымі артыкуламі.

На «пакаяльным» відэа Наталля Дуліна распавядае, што была затрыманая 3 кастрычніка за інтэрв’ю «экстрэмісцкаму фармаванню» – «Еўрарадыю» – і прызнаецца, што брала ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах». Верагодна, дома ў яе прайшоў ператрус.

Гэта чацвёрты арышт Дулінай з пачатку года. У мінулы раз былую дацэнтку МДЛУ, члена асноўнага складу Каардынацыйнай рады затрымалі 3 чэрвеня і асудзілі на 15 дзён арышту за «дробнае хуліганства». У маі Дуліна выйшла на свабоду пасля 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» з YouTube-каналу радыё «Свабода», да таго адсядзела 15 дзён за антываенную акцыю 27 лютага.

Раней Наталля Дуліна працавала дацэнткай кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ. Разам з дзвюма іншымі выкладчыцамі была звольненая з універсітэту за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Увосень 2020 года яна брала ўдзел у забастоўках ва ўніверсітэце, падтрымлівала студэнтаў і знялася ў відэароліку, які асуджае насілле з боку дзяржавы, паведамляе «Белсат».

вс