Праблемы ў беларускіх кінатэатраў пачаліся ў 2020 годзе. Гэта быў ковідны год, і шмат якія кінатэатры прыпынялі працу. Толькі ў Беларусі, дзе, як вядома, каранавірусу не было, залы закрывалі не праз локдаўн, а праз «эканамічную немэтазгоднасць»: ніхто не хадзіў.
У 2021 годзе кінапракат крыху ачуняў. Цяпер жа кінатэатры цярпяць праз вайну ва Украіне і шчыльную прывязку да Расіі.
Апроч таго, у Беларусі афіцыйна дазволілі пірацтва – і вось, калі ласка: у сённяшнім рэпертуары кінатэатраў, напрыклад, ёсць фільм «Забойства ў Парыжы» амерыканскай кампаніі Netflix. Яна амаль усе свае карціны паказвае ва ўласным онлайн-кінатэатры. Лічаныя іхныя стужкі дэманстравалі на вялікім экране, і тое толькі ў ЗША. Сапраўдны эксклюзіў: нават у расійскіх кінатэатрах такога няма.
Ці то праз недахоп фільмаў, ці то праз нябачаную любоў да хакея ў кінатэатрах Горадні і Жлобіна пачалі паказваць гульні фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі.
Крыніца: Белсат