Гомельскі аблвыканкам зацвердзіў пералік арганізацый, якім дазволеныя тавараабменныя аперацыі. З 1 студзеня 2023 года ў Беларусі была ўведзеная поўная забарона на правядзенне тавараабменных аперацый. Праз паўгода Гомельскі аблвыканкам прыняў пастанову №512 «Аб пераліку тавараабменных аперацый», якая дапускае выкарыстанне бартару для абраных арганізацый. Пастанова набыла моц з 25 ліпеня 2023 года.
Пералік уключае больш за 700 арганізацый, большасць з якіх размешчаныя ў Гомельскай вобласці. Арганізацыі прадстаўляюць самыя розныя сферы дзейнасці: сельскую гаспадарку, прамысловасць, будаўніцтва, гандаль, ЖКГ. У пералік увайшлі такія буйныя прадпрыемствы як БМЗ, Гомсельмаш, Беларуснафта, Гомельэнерга. Прыватных прадпрыемстваў у пераліку няма.
Не абышлося без нечаканасцяў. Так, у спісе арганізацый, якім дазволены бартарныя ўгоды, тры банкі: Банк развіцця, Беларусбанк і Белаграпрамбанк. Ім дазволена на бартарнай аснове выконваць паслугі фінансавага пасрэдніцтва 272 прадпрыемствам са спісу. У практычным сэнсе гэта азначае, што гэтыя прадпрыемствы змогуць разлічвацца за паслугі гэтых банкаў не грашыма, а таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі.
Тое ж самае названыя прадпрыемствы змогуць рабіць і адносна плацяжоў у бюджэт. У пералік арганізацый уключаны інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Гомельскай вобласці, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Галоўная фінансавая ўправа Гомельскага аблвыканкаму. Ім дазволена выконваць паслугі ў галіне дзяржаўнага кіравання агульнага характару і сацыяльна-эканамічнай сферы на бартарнай аснове. Бартарныя ўгоды што да 272 прадпрыемстваў дапускаюцца і пры аплаце паслуг у галіне абавязковага сацыяльнага страхавання, якія выконваюцца Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.
Калі выбарчая легалізацыя бартарных угод у дачыненні да дзяржпрадпрыемстваў, якія адчуваюць вострую нястачу грашовых сродкаў, была чаканай, то магчымасць аплаты падаткаў, унёскаў, мыт на бартарнай аснове можна назваць своеасаблівым ноў-хаў беларускага рэжыму. Апошні раз нешта падобнае на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала сто гадоў таму і называлася харчовым падаткам. З 1 студзеня 1924 года аплата падаткаў у СССР магчыма была толькі грашыма.
Паводле Хартыя'97
нг