Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэмʼер-міністрам Балгарыі Мікалаем Дэнкавым праект «пашпарту новай Беларусі». Сустрэча палітыкаў прайшла 28 жніўня падчас Міжнароднага стратэгічнага форуму ў славенскім горадзе Блед (Bled Strategic Forum).
Як паведаміў «Позірку» галоўны дарадчык Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, палітык «выказала надзею, што Балгарыя падтрымае праект з новым беларускім пашпартам», а таксама расказала балгарскаму прэмʼеру аб наступных кроках па яго рэалізацыі.
Вячорка зазначыў, што на сустрэчы размова таксама ішла аб пагрозах незалежнасці Беларусі, прысутнасці ў краіне наймітаў ПВК «Вагнер» і падтрымцы ініцыятыў, накіраваных на «ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці».
«Ціханоўская прапанавала, каб пытанне Беларусі было ўзнятае на сустрэчах «Бухарэсцкай дзявяткі», куды ўваходзяць Балгарыя, Венгрыя, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славакія і Чэхія, і выказала жаданне ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў мерапрыемствах дзявяткі», – дадаў Вячорка.
вс