На гэты момант фонд разгледзеў 99 заяваў ад людзей, які сутыкнуліся з пераследам і патрабуюць фінансавай дапамогі.
BySol выплаціў палітвязням амаль 50 тысяч еўра, сабраных на марафоне «Нам не ўсё адно». На гэты момант фонд разгледзеў 99 заяваў ад людзей, які сутыкнуліся з пераследам і патрабуюць фінансавай дапамогі.
«З першага траншу ад марафону ў памеры 100 тысяч еўра мы зможам аплаціць яшчэ 100 заявак», – гаворыцца ў павдемленні сузаснавальніка BySol Андрэя Стрыжака.
Ад імя фонду ён заклікаў падаваць заяўкі для атрымання дапамогі ў памеры 500 еўра па спасылках: сям’я палітвязня і вызваленыя палітвязні.
У BySol удакладнілі, хто можа разлічваць на дапамогу. Гэта заяўнікі, якія не атрымлівалі дапамогі ад BySol у выглядзе разавай выплаты/персанальнага збору цягам 2022–2023 гадоў і заяўнікі, якія атрымлівалі раней дапамогу ад BySol у межах кампаній дапамогі дзецям (збор на летні адпачынак/збор да школы/калядны збор).
Нагадваем, 29 ліпеня на YouTube-пляцоўках праходзіў усебеларускі анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!». Збор грошай працягваецца і пасля заканчэння анлайн-марафону.
Яго галоўнай мэтай быў збор сродкаў для палітычных зняволеных і іх сем’яў. З ініцыятывай правесці такі марафон выступіла прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.
Падчас марафону сабралі каля 575 тысяч еўра. З іх BySol перадалі 100 тыс. еўра, 27,5 тыс. еўра – фонду салідарнасці ByHelp, па 13,5 тыс. – праваабарончай ініцыятыве Dissidentby, дабрачыннай арганізацыі Littouwin LIONS CLUB, фонду дапамогі беларусам у Літве Разам і ініцыятыве «Анархічны Чорны крыж Беларусі», 13 тыс. – дабрачыннаму фонду «Краіна для жыцця», 9,5 тыс. – ініцыятыве «Беларуская рада культуры».
svaboda.org/аз