Беларуская Служба

Зміцер Дашкевіч прабыў паўгода ў бетоннай клетцы — у карцары

20.01.2024 12:25
Змітра Дашкевіча затрымалі ў красавіку 2022 года, з таго часу ён за кратамі.
Зміцер Дашкевіч YouTube/screen/ТОК/TALK

Наста Дашкевіч у сваім Facebook напісала пра апошнія навіны пра палітзняволенага мужа Змітра Дашкевіча.

Зміцер прабыў у Жодзіне паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Цяпер яго перавялі зноў у Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Цяпер ён зноў у шыза, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сагрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбою. Я не магу зразумець, чаму проста зняволення не дастаткова? Чаму ён не можа адбыць свой тэрмін і вярнуцца дамоў да сваіх дзяцей? Да сваёй працы і сваёй сям’і?

Задушша. Вось што я адчуваю ад думкі, што мой каханы чалавек праходзіць праз гвалт, а з гэтым нічога немагчыма зрабіць. Я не ведаю, як даваць рады ўсім побытавым пытанням і 4-м дзецям без яго, як рабіць усе дамашнія заданні дзяцей, рабіць працу, даваць рады кружкам і баршчам, калі я ведаю, што мой муж трасецца ад холаду ў навасадаўскай камеры. Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыццё і ягонае здароўе. І адзінае, аб чым малю, гэта аб палёгцы для яго. Я хачу, каб тата маіх дзяцей вярнуўся дахаты жывым і здаровым.

Яшчэ раней ён пісаў мне вершы, якімі зараз хачу падзяліцца. Браў натхненне з Кнігі Псальмаў і з іншых урыўкаў Пісьма. Гэты верш напісаны паводле псальмаў 18, 14, 5, 127. Ва ўсёй гэтай любові — увесь Зміцер. І мне так балюча ад таго, што гэта любоў не дастаецца цяпер ягоным дзецям.


Яны схапілі мяне ў дзень няшчасця майго

Яны схапілі мяне
Ў дзень няшчасця майго,
Калі ірваўся к табе
Я з палону свайго.

Але Госпад мне быў
У нядолі падпорай.
І на вольную вывеў
Мяне Ён прастору.

Шчыт збаўлення мне даў,
Умацаваў ува сне.
І ласкавасць Яго
Памнажала мяне.

І хоць топчуць мяне,
Вораг у душу плюе,
На змаганне Хрыстос
За мяне паўстае.

Усё магу ў Хрысце,
Я ў Збаўцы маім,
Я прайду ўвесь шлях
Разам з Богам Святым.

Толькі веру маю
Захавай, Божа Мой.
І тады на муры
Узыду я з Табой.

Толькі жоначку Ты,
Дух Святы, асвяці,
Каб любоўю яна
Усё здалела ў жыцці.

Толькі дзетак маіх
Тата мой, абдымі
І далонькай Сваёй
Да Сябе прытулі.

Узвесялімся тады
У тваім ратаванні,
Калі вернеш ты наш
Палон на світанні.

І на досвітку буду
Выглядаць Цябе я,
Хрыста ранкам праславіць
Уся наша сям’я.

Змітра Дашкевіча затрымалі ў красавіку 2022 года. Разам з жонкай Настай яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі». Наста была цяжарная на момант суда.

У ліпені 2023 года Зміцер на волю не выйшаў. Яго пакінулі за кратамі нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. У верасні Змітру Дашкевічу дадалі год строгага рэжыму.

вх