Беларуская Служба

Офіс Святланы Ціханоўскай прыкладае намаганні, каб Польшча запусціла спецыяльную праграму для высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі

28.01.2024 09:38
Аб гэтым паведаміў у сацсетках дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
Франак Вячоркаhttps://www.youtube.com/watch?v=LsST0aNttFA&t=1067s

Нядаўна Польшча прыпыніла праграму Poland Business Harbour. Гэта візавая праграма, створаная ў 2020 г., якая павінна была аблегчыць доступ на польскі рынак працы для супрацоўнікаў ІТ з Беларусі.

«Наколькі нам вядома, адна з асноўных праблем для віз Poland Business Harbour – нізкая канвертацыя віз. То бок людзі рабілі масава візы PBH і толькі каля 35-40% атрымальнікаў імі скарысталіся і ўехалі ў Польшчу», – напісаў Вячорка.

Цяпер Офіс Святланы Ціханоўскай знаходзіцца ў кантакце з прадстаўнікамі польскага ўраду ў справе аднаўлення праграмы Poland Business Harbour ці запуску яе альтэрнатывы, прызначанай для высокакваліфікаваных працоўных для Беларусі і рэгіёну, паведаміў дарадца Ціханоўскай.

Вячорка падкрэсліў, што прыпыненне праграмы не значыць спынення выдачы візаў.

«Кваліфікаваныя спецыялісты могуць па-ранейшаму падавацца і атрымліваць візы, зараз выпрацоўваецца механізм паскоранай выдачы», – напісаў ён.

Агулам за апошнія 30 месяцаў Польшча выдала беларусам больш за 600 тысяч візаў розных тыпаў.

яс