Беларуская Служба

Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan прадаў свой бізнес у Беларусі

06.02.2024 16:32
Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы Kronospan у Беларусі, завяршылі рэбрэндынг. 
ІлюстрацыяAbsolutVision/pixabay.com/CC0 Public Domain

Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan прадаў свой бізнес у Беларусі. Новым уладальнікам заводаў і лагістычных цэнтраў стаў эмірацкі фонд Causa Foundation, а кіраванне прадпрыемствамі перададзенае расійскім менеджарам, піша Office Life.

Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы Kronospan у Беларусі, завяршылі рэбрэндынг. Перайменаваныя і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.

Выхад Kronospan з беларускага бізнесу адбыўся ў пачатку восені 2023 года. Да гэтага аўстрыйцы завяршылі працэс перадачы фонду з ААЭ сваіх актываў у Расіі.

Kronospan увайшоў на беларускі рынак у канцы 2000-х гадоў і стаў найбуйнейшым інвестарам у мясцовую дрэваапрацоўку. Яго прадпрыемствы выпускалі драўняныя пліты, падлогавыя пакрыцці, смолы, лакі, спецыяльную паперу, сталёвыя канструкцыі і інш. Значная частка прадукцыі ішла на экспарт.

Агульны аб’ём інвестыцый Kronospan у эканоміку Беларусі ацэньваецца ў суму каля 1 млрд еўра.

Прадпрыемствы Kronospan былі ўключаныя ў пералік юрыдычных асоб, якія належаць інвестарам з так званых «недружалюбных» краін. Для іх продажу патрабуецца ўзгадненне ўрада.

У 2021 годзе Kronospan трапіў у «чорны спіс» кампаній, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Аўстрыя ў той час спрабавала перашкодзіць ва ўвядзенні эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму.

вс