Улады Беларусі не спыняюць палітычных рэпрэсій. І калі пасля 2020 года судзілі ўдзельнікаў пратэстаў, пазней сталі караць за «няправільныя» падпіскі і лайкі, то зараз пачалі караць сваякоў палітвязняў.
У студзені ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні, звязаныя з ініцыятывай падтрымкі прадуктамі харчавання сем'яў палітвязняў і былых зняволеных. Становяцца вядомымі такія выпадкі і на Віцебшчыне.
Палітвязню Дзянісу Сяргееву, які адбывае пакаранне ў Мінску ў папраўчай установе адкрытага тыпу №36, суд Аршанскага раёна прысудзіў штраф 1000 рублёў за «атрыманне дабрачыннай замежнай дапамогі» – 264 рублі 38 капеек.
Такі ж штраф прысудзілі жонцы палітвязня Арцёма Ляшнеўскага. Жанчыну пакаралі за атрыманне дапамогі на суму ў 1157 рублёў.
У Віцебску ўчора судзілі Марʼяну Яфрэменка – жонку віцебскага палітвязня Алега Яфрэменкі.
Ва ўсіх выпадках суды лічаць, што палітвязні і іх сваякі атрымліваюць «замежную дабрачынную дапамогу» ад экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY. А менавіта – «таварна-матэрыяльныя каштоўнасці» з інтэрнэт-крамы «Еўраопт». Фактычна, іх судзяць за прадукты з крамы.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск