У Латвіі паведамілі, што яе грамадзян і грамадзян краін ЕС «рознымі спосабамі» праследуюць лукашэнкаўскія спецслужбы. Маюцца на людзі, якія працяглы час знаходзіліся ў Беларусі ці часова заехалі на яе тэрыторыю. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб дзейнасці ў 2023 годзе Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі. У дакуменце паведамляецца пра некалькі выпадкаў.
Так, паводле справаздачы, спецслужбы Лукашэнкі «зацікаўленыя ў выкарыстанні грамадзян краін-членаў ЕС, якія ўязджаюць у Беларусь, для атрымання інфармацыі аб падзеях у Еўропе, прапагандысцкай дзейнасці па дыскрэдытацыі заходніх краін і г.д». Пры гэтым «для дасягнення сваіх мэтаў яны могуць выкарыстоўваць незаконныя метады».
Для спецслужбаў Беларусі працягвае быць важнай разведвальная інфармацыя пра беларускую дыяспару ў Латвіі, пра ўцекачоў з Беларусі, пра палітычных апанентаў беларускага дыктатара, а таксама «пра эканамічныя працэсы і планы, якія могуць аказаць станоўчы ці адмоўны ўплыў на беларускую эканоміку».
Адзначаецца, што ў 2023 годзе беларускія спецслужбы «працягвалі цесна супрацоўнічаць з расійскімі спецслужбамі, а таксама атрымлівалі інфармацыю на патрэбы расійскай разведкі». Іх цікавіла інфармацыя аб абараназдольнасці Латвіі, ваеннай тэхніцы і яе перамяшчэнні па латвійскай тэрыторыі, аб'ектах ваеннай і грамадзянскай крытычнай інфраструктуры.
К дакуменце гаворыцца, што ў Беларусі спецслужбы разглядаюць латвійскіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў і былых вайскоўцаў «як адзін з найбольш каштоўных абʼектаў для вярбоўкі». Для супрацоўніцтва «асабліва падыходзяць грамадзяне Беларусі, якія маюць віды на жыхарства ў ЕС, але яны самі альбо іх сваякі па-ранейшаму жывуць у Беларусі». Пад рызыкай вярбоўкі – таксама кіроўцы з беларускім грамадзянствам, якія працуюць у грузавых кампаніях Еўрасаюза.
Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі паведамляе ў справаздачы, што ў мінулым годзе магчымасці беларускіх спецслужбаў удалося абмежаваць. Найбольшую актыўнасць праяўляў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.