Беларуская Служба

Лукашэнка скардзіцца на адсутнасць карысных выкапняў

12.03.2024 11:02
Беларускі дыктатар выступіў з крытыкай у бок геолагаў, што дрэнна шукаюць карысныя выкапні.
Аўдыё

Гэта вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 12 сакавіка ў Мінску на нарадзе аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі ўрада, Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі абласцей, «Беларуснафты» і «Беларуськалія».

«Усе карысныя выкапні – наш нацыянальны здабытак, – цытуе Лукашэнку неафіцыйны тэлеграм-канал ягонай прэс-службы. – Стратэгічны запас, які належыць народу.Гэта і калій, і нафта, і самы вялікі рэсурс – прэсная вада (бясцэнны рэсурс), і многае іншае. Але з тым, што мы маем, трэба пісьменна і па-гаспадарску распараджацца. А тое, што не маем, трэба шукаць. Шукаем дрэнна».

Паводле яго слоў, у краіне «нядрэнна вывучаны прыродныя багацці, якія знаходзяцца на паверхні». «А вось пра тое, што пад зямлёй, ведаем далёка не ўсё. Таму трэба нарошчваць геолагаразведачныя работы», – канстатаваў ён.

Лукашэнка заявіў, што «ўласныя мінеральна-сыравінныя рэсурсы краіне патрэбны заўсёды», паколькі яны зʼяўляюцца залогам «суверэнітэту і стабільнага развіцця эканомікі».

Паводле яго слоў, здабыча карысных выкапняў «вядзецца па ўсёй Беларусі», пры гэтым «кантралюючыя органы дакладваюць, што часта эксплуатацыя і рэкультывацыя карʼераў ідуць з парушэннямі».

«Гэта і сам бачу. Жудасная карціна. Загразлі ў бюракратыі, бясконцых узгадненнях, экспертызах дзе трэба і дзе не трэба. А пакутуе справу», – скардзіцца ўзурпатар.

Крыніца: Позірк. Навіны пра Беларусь