Беларуская Служба

TikTok – самая папулярная сацсетка ў Беларусі

22.03.2024 16:16
За апошні год аўдыторыя незалежных СМІ не зменшылася, кажа медыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.
.
.shutterstock/Konstantin Savusia

Але рэпрэсіі супраць медыя і грамадзян паўплывалі на медыя-паводзіны беларусаў.

Аўдыторыя беларускіх незалежных СМІ не змяншаецца. Пераважная частка спажыўцоў топу Youtube-каналаў дзяржаўных беларускіх СМІ – з Расіі. Спажыванне ў Беларусі расійскіх антыкрамлёўскіх Youtube-каналаў за год не зменшылася. Беларуская аўдыторыя ўкраінскіх Youtube-каналаў супастаўная з беларускай аўдыторыяй Youtube-каналаў беларускіх дзяржСМІ. Гэта галоўныя высновы з аналізу інтэрнэт-метрык, якім падзяліўся медыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.

«Мінулы год быў чарговым кепскім годам для беларускіх незалежных медыя. Працягваліся рэпрэсіі супраць журналістаў і рэдакцый. Усе новыя медыя абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», і гэта ніяк не можа адбівацца станоўча на аб’ёме беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў краіне.

Беларусам, якія знаходзяцца ў краіне, не рэкамендуецца падпісвацца на «экстрэмісцкія» рэсурсы на розных платформах. Так што не выпадае чакаць, што ў іх будзе рост падпісчыкаў і фолавэраў.

Мы ведаем пра пераслед за каментары, за «лайкі». Чалавек можа паставіць «лайк» нават ненаўмысна, зачапіўшыся пальцам за экран. Але адказнасць надыходзіць і ў гэтым выпадку.

Гэта прыводзіць да таго, што традыцыйныя спосабы, якімі можна было б вымяраць аўдыторыю і спажыванне кантэнту, робяцца не вельмі актуальнымі. Найперш у Беларусі, на мой погляд, адмерла метрыка, якая называецца медыйны ахоп», – кажа эксперт.

Ён падкрэслівае, што людзі ў Беларусі не перасталі карыстацца інтэрнэтам. Але змяніўся спектр спажываных каналаў інфармацыі.

«Можа змяншацца аўдыторыя канкрэтных медыя, аднак у цэлым аўдыторыя незалежных медыя, скажам, за год не зменшылася. Але падлічваць аўдыторыю стала больш складана. Раней можна было сказаць, што калі навіну запосціў Tut.by, то яе прачытае мільён беларусаў. Цяпер так ацэньваць не атрымліваецца.

Паводле нашых даследаванняў, прынамсі, па відах спажываных каналаў інфармацыі беларуская аўдыторыя з 2022 па 2023 год не змянілася», – гаворыць Дарашэвіч.


. .



Паводле яго слоў, многія беларусы выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі як крыніцу для атрымання інфармацыі. І на першае месца ў Беларусі выйшаў TikTok. Гэтая сетка абагнала і Instagram, і «УКантакце».

Аўдыторыя TikTok вырасла ў краіне выбуховападобна. У даследаваннях у 2019 годзе гэтай сеткай карысталіся 1,2% рэспандэнтаў, у кастрычніку 2023 году – ужо 48%.



Паводле Юры Дракахруст/Радыё Свабода/вх