Беларуская Служба

Ціханоўская: Мы кажам «Дзень Волі», а разумеем, што ўся краіна апынулася ў закладніках Расійскай імперыі

25.03.2024 10:15
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак з нагоды Дня Волі, які адзначаецца сёння.
 .
Святлана Ціханоўская.Foto: Прэс-служба ОСЦ

«Мы вымушаны ладзіць урачыстасці ў замежжы, а не на роднай зямлі. Мы не можам святкаваць з лёгкім сэрцам, бо тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Мы кажам «Дзень Волі», але разумеем: сёння наша краіна апынулася ў закладніках Расійскай імперыі, якая вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, знішчае нашу незалежнасць і нашу ідэнтычнасць. Тым не менш я ўпэўнена: у нашых з вамі сілах змяніць сітуацыю.

За ўсе гэтыя гады мы пачалі цаніць нашу, беларускую, салідарнасць. Асэнсавалі, што шлях да свабоды не бывае хуткім і лёгкім. Мы атрымалі ўнікальны – хоць і балючы – гістарычны вопыт. І сёння імкнемся яго скарыстаць, каб зноў стаць вольнымі.

Я ўпэўнена: прыйдзе час, калі і мы з вамі здолеем пабудаваць краіну, пра якую марым. Хтосьці скажа, што я вяду размову пра нейкую далёкую будучыню. І калі гэта спраўдзіцца – і ці спраўдзіцца ўвогуле – невядома. Але пакуль мы разам і не апускаем рук, мы крочым да сваёй перамогі.

З Днём волі! Жыве Беларусь!»

вх