Беларуская Служба

Выйшла серыя аўдыякніг Васіля Быкава па-беларуску

26.03.2024 13:02
Серыю аўдыякніг Васіля Быкава прэзентаваў праект audiobooks.by.
     -
Выйшла серыя аўдыякніг Васіля Быкава па-беларускуaudiobooks.by/скрыншот

Каманда audiobooks.by прэзентавала пяць аўдыякніг Васіля Быкава па-беларуску, паведамляе культурна-асветніцкі партал budzma.org. «Гэтых кніг альбо не было ўвогуле ў аўдыяфармаце, альбо былі толькі па-руску», – адзначае каманда audiobooks.by.

Упершыню ў поўным варыянце можна паслухаць аўтабіяграфічную кнігу «Доўгая дарога дадому». Гэта апошняя і найбольш спавядальная кніга Васіля Быкава. Яна была напісана на схіле гадоў і на чужыне, калі ішоў апошні акт драмы пісьменніка: у 1998 годзе ён вымушаны быў пакінуць Беларусь. Фінляндыя, Германія, Чэхія – гэтыя краіны далі прыстанішча таму, каго на радзіме называлі сумленнем нацыі.
Раней гэтую кнігу часткова начытаў сам аўтар і яе можна паслухаць на Радыё Свабода.

Акрамя таго, у серыі аўдыяверсія «Мёртвым не баліць» падаецца ў аўтарскай непадцэнзурнай рэдакцыі, якая раней выходзіла на паперы дзякуючы біёграфу Быкава Сяргею Шапрану.

У серыю аўдыякніг Васіля Быкава ўвайшлі:«Знак бяды»,«Дажыць да світання»,«Альпійская балада»,«Мёртвым не баліць»,«Доўгая дарога дадому».

Паслухаць кнігі можна на падкастах, ютубе і буйных аўдыякніжных пляцоўках. Аўдыякнігі, якія начыталі прафесійныя беларускія акторы, будуць заставацца бясплатнымі цягам мінімум двух гадоў.
Вокладкі да аўдыякніг падрыхтаваў Артур Вакараў.

аз