Паводле дадзеных канала «Матолька Help», у канцы мінулага тыдня прадстаўнікі Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) правялі сустрэчу са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтв. На ёй паведамілі, што 1 верасня 2024 у Беларусі плануе пачаць трансляцыю «новы інфармацыйны тэлеканал», сярод супрацоўнікаў якога будуць радыя бачыць выпускнікоў факультэта экранных мастацтв.
Экс-супрацоўнікі «Белтэлерадыёкампаніі» расказалі «Нашай Ніве», што падобныя размовы вяліся ў 2020 годзе: «Памятаю, на планёрцы дырэктар АТН Сяргей Хамянтоўскі сказаў начальнікам аддзелаў, што «вось, магчыма, хутка такое будзе». Ведаю, што гэтая ідэя з’явілася пасля другіх Еўрапейскіх гульняў. Камусьці ў Адміністрацыі Лукашэнкi спадабаўся фармат бесперапыннага асвятлення падзей са спартовых пляцовак у жывым эфіры. І, як гэта звычайна бывае, падумалі: «О, а давайце гэтак жа зробім, але толькі з навінамі!».
Паводле інфармацыі беларускіх каналаў, выбары маглі перашкодзіць рэалізацыі гэтай ідэі, а цяпер да яе вяртаюцца. На базе АТН плануецца зрабіць інфармацыйны канал па тыпу «Еўраньюс». Для гэтага будзе пашыраны штат супрацоўнікаў.
Крыніца: БАЖ/ МотолькоПомоги