У апошнія гады ў беларускіх школах усё часцей праводзяцца сустрэчы з вайскоўцамі, школьнікаў водзяць на экскурсіі ў розныя В/Ч і апранаюць у ваенную форму. Аднак цяпер мілітарызацыя беларускай адукацыі выйшла на новы ўзровень - школьнікаў сталі вывозіць і на ваенныя палігоны для прагляду рэальных вучэнняў.
Ужо зафіксавана мінімум два такія выпадкі. 22 сакавіка на палігон «Асіповіцкі» вывозілі навучэнцаў 10-11-х класаў Бярэзінскай гімназіі. На гэтым палігоне ў рамках праверкі боегатоўнасці знаходзіцца 191-я група артылерыі 19-й брыгады ВС РБ. Школьнікам паказалі тэхніку падраздзяленняў ракетных войск і артылерыі, баявую стральбу і ўскладанне кветак да мемарыяла. Мяркуючы па фатаграфіях, іх туды прывезлі мінімум на некалькіх аўтобусах.
Нешта падобнае было на Асіповіцкім палігоне і летась, калі школьнікаў запрашалі туды на дзень адчыненых дзвярэй. Таксама навучэнцаў школы №7 г.Барысава вывозілі на 227-й агульнавайсковы палігон «Барысаўскі», дзе знаходзіцца танкавы батальён 120-й брыгады ВС РБ. Там школьнікам паказалі танкавы абстрэл і дазволілі залезці ў танк Т-72.
Крыніца: Маніторынгавая група @iSANS_Belarus