Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Звольнены чарговы кіраўнік аднаго з беларускіх тэатраў

04.04.2024 15:20
Мастацкі кіраўнік віцебскага тэатра «Лялька» Віктар Клімчук звольнены са сваёй пасады.
 .
Віктар Клімчук. lialka.by

Пра гэта рэдакцыі zerkalo.io паведамілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.

На сайце тэатра старонка, прысвечаная Клімчуку, яшчэ не выдалена. Тым не менш, паводле  інфармацыі медыя, звальненне адбылося яшчэ некалькі дзён таму.

Як паведамілі рэдакцыі крыніцы, Клімчука абвінавацілі ў невыкананні планаў, якія стаяць перад тэатрам.

Але за гэтую задачу нясе адказнасць не мастацкі кіраўнік, а дырэктар калектыва. Клімчуку вынеслі вымову, што і прывяло да яго сыходу.

Віктар Клімчук нарадзіўся ў 1946 годзе на Брэстчыне, атрымаў адукацыю як акцёр, а потым як рэжысёр, у савецкі час працаваў у гарадах Расіі і Украіны.

У Беларусі засталося ўсяго чатыры тэатры, якія паказваюць усе свае спектаклі на беларускай мове.

«Выпадкова пачуў, што ў Беларусі ў Віцебску збіраюцца адкрываць тэатр. А я нарадзіўся на Брэстчыне, пацягнула ў родныя мясціны. Напісаў ліст у абласное ўпраўленне культуры і атрымаў адказ, што пакуль тэатр лялек не збіраюцца адкрываць, але Коласоўскі думае аб стварэнні лялечнай трупы. Я звязаўся з кіраўніцтвам і высветліў, што сапраўды патрэбны рэжысёр-лялечнік. Так я апынуўся ў горадзе на Дзвіне», - распавядаў Клімчук у інтэрв'ю.

Гэта адбылося ў 1985 годзе. Тады пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа была створана лялечная трупа.

У 1986 годзе быў сыграны першы спектакль – «Дзед і Жораў» паводле п'есы Віталя Вольскага. У 1990-м трупа атрымала незалежнасць. Так узнік Беларускі тэатр «Лялька». Клімчук стаў першым мастацкім кіраўніком калектыву і заставаўся на гэтай пасадзе да гэтага часу.

Клімчук з'яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, чалавекам года Віцебшчыны - 2011, яго калектыў быў неаднаразова адзначаны дыпломамі на прэстыжных міжнародных фестывалях. Гэта без перабольшання легендарная асоба для Віцебскай вобласці.

У Беларусі засталося ўсяго чатыры тэатры – «Лялька», Купалаўскі, Коласаўскі (апошні працуе ў Віцебску), а таксама РТБД – якія паказваюць усе свае спектаклі на беларускай мове.

zerkalo.io/вх