Беларуская Служба

EPAM раптоўна выйшаў з праграмы падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў у ЕГУ

13.04.2024 15:53
Студэнтам прапануюць перайсці на іншую спецыяльнасць, або перайсці ў іншыя ВНУ.
.
.baj.media

EPAM Systems нечакана завяршае партнёрства з ЕГУ па праекце EPAM School of Digital Engineering (ESDE). Студэнтам прапануюць працягнуць навучанне ў ЕГУ на спецыяльнасці «Інфарматыка» або перайсці ў іншыя ВНУ, піша devby.io.

Студэнты даведаліся пра гэта 11 красавіка падчас сустрэчы з адміністрацыяй ЕГУ і дырэктарам літоўскага офіса EPAM. Прычыны такога рашэння кампанія не назвала са спасылкай на карпаратыўную таямніцу.

Кіраўніцтва ўніверсітэта прапанавала студэнтам працягнуць навучанне ў ЕГУ на спецыяльнасці «Інфарматыка» ў новым рэарганізаваным філіяле — School of Digital Competences. Пры гэтым кіраўніцтва ЕГУ сцвярджае, што рэарганізацыя не закране навучальнага працэсу.

Альтэрнатыва — узяць акадэмічны адпачынак (у гэтым выпадку вернуць грошы за вясновы семестр) або перайсці ў іншы універсітэт пасля заканчэння семестра.

Адзін са студэнтаў ESDE даў каментар devby. Паводле яго, многія пакуль не ведаюць, што рабіць.

— Можна застацца ў ЕГУ, але незразумела, што будзе з праграмай, са структурай курсаў. Хоць і кажуць, што ўсё застанецца гэтак жа, верыцца ў гэта з цяжкасцю. Да таго ж выкладчыкі былі часткова з EPAM. Пераходзіць у іншыя ўніверсітэты не выгадна з-за рознасці праграм і цэн за навучанне. У ЕГУ плата за навучанне за год складае да 2,5 тысяч еўра, а ў іншых універсітэтах у Вільні, калі казаць пра тэхнічныя спецыяльнасці, каля 4,2 тысяч еўра ў год.

EPAM School of Digital Engineering — эксперыментальнае падраздзяленне EPAM для падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў у партнёрстве з універсітэтамі. Праекты ESDE ужо працуюць у ВНУ Польшчы, Узбекістана, Грузіі, Украіны і іншых краін. У 2022 годзе праграма адкрылася ў Літве ў партнёрстве з ЕГУ.

У праграме ў ЕГУ — тры спецыялізацыі на выбар, якія паглыблена вывучаюцца на працягу чатырох семестраў:

    Java EE;
    .Net;
    JavaScript/TypeScript.

Акрамя спецыялізацыі ў праграму ўключаны прадметы, якія дапамогуць будучым ІТ-спецыялістам развіваць soft skills і атрымліваць практычныя кампетэнцыі.

Навучанне вядзецца на рускай мове з паступовым пераходам на англійскую на старэйшых курсах. Першыя два семестры студэнты праходзяць інтэнсіў па англійскай мове, а ў праграме навучання шырока выкарыстоўваюцца англамоўныя навучальныя матэрыялы.

Ёсць тры формы навучання: вочная (афлайн і анлайн) — 3,5 гады і завочная — 4,5 гады. Сёлета вочнае навучанне каштуе 1800 еўра ў семестр, завочнае — 1250 у семестр.

Спецыялізацыі, якія былі ў ЕГУ:

    Full-stack, Front-end і back-end распрацоўшчык;
    Тэсціроўшчык і спецыяліст па забеспячэнні якасці;
    Праекціроўшчык праграмнага забеспячэння, UX-дызайнер, распрацоўшчык мабільных дадаткаў;
    Менеджер ІТ-праектаў.

вх