Беларуская Служба

Беларус кінуў два кактэйлі Молатава ў каралеўскі палац у Осла

09.07.2024 11:01
Мужчыну прадʼяўлена абвінавачанне ў прычыненні асабліва сурʼёзнай шкоды, гаворыцца ў зводцы нарвежскай паліцыі.
K
Kаралеўскі палац у Осла Autorstwa Andreas Haldorsen - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=45939213

У сталіцы Нарвегіі горадзе Осла 50-гадовы грамадзянін Беларусі кінуў два кактэйлі Молатава ў каралеўскі палац. Пры затрыманні ў яго знайшлі яшчэ некалькі бутэлек з запальнай сумессю. Ніхто не пацярпеў.

Мужчына кінуў самаробную запальную сумесь у дзверы ў задняй частцы каралеўскага палаца.
«Звонку сцены ззаду замка ўспыхнула полымя, але агонь быў хутка патушаны«, – паведамляе нарвежскае выданне nrk.no.

У момант інцыдэнту ў замку знаходзіўся адзін з чальцоў каралеўскай сямʼі. Ён не пацярпеў.
Паліцыя, якая прыбыла па трывожным сігнале, затрымала мужчыну на месцы здарэння. Як удакладнілі выданню ў крымінальнай паліцыі, затрыманы грамадзянін Беларусі аказаўся ў вышуку па запыце паліцыі Нідэрландаў.

Мужчыну прадʼяўлена абвінавачанне ў прычыненні асабліва сурʼёзнай шкоды, гаворыцца ў зводцы нарвежскай паліцыі, паведамляе reform.news.

аз