Беларуская Служба

Кіраўнік АП Зміцер Круты працягвае пераследаваць спявачку Анжаліку Агурбаш

09.07.2024 12:30
Ён запатрабаваў выключыць яе са складу Грамадскай палаты Адзінцоўскага раёна Падмаскоўя.
Ілюстрацыйны здымакscreenshot z Youtube

Аб падобным патрабаванні Крутога, накіраваным «Першаму каналу» ў пачатку красавіка, паведамляла SOTA раней: тагачасны пасол у РФ (цяпер Круты - кіраўнік АП Беларусі) дабіваўся ад кіраўніка канала Канстанціна Эрнста выдалення Агурбаш з эфіру. Амбасадар заявіў, што яе зʼяўленне на расійскім тэлебачанні – «спланаваная правакацыя», накіраваная на «падрыў намаганняў нашых лідараў па перапісванні гісторыі». Агурбаш была паказана ў эфіры аб дзіцячым музычным конкурсе «Залатая нота» ў дзень святкавання стварэння Саюзнай дзяржавы.

Прычына пераследу Агурбаш рэжымам Лукашэнкі заключаецца ў тым, што яна падтрымала пратэсты 2020 года, пасля чаго была завочна арыштаваная па абвінавачанні ў распальванні варожасці і абразе Лукашэнкі. Пры гэтым спявачка мае расійскае грамадзянства.

Новае патрабаванне аб пераследзе Агурбаш пасол Круты адрасаваў кіраўніку падмаскоўнай Грамадскай палаты Анатолю Таркунову. Падставай для выключэння спявачкі са складу ГП, на думку пасла, павінны стаць «саюзніцкія адносіны» расійскага і беларускага рэжымаў.

Падобныя лісты, як паведамляюць крыніцы выдання ў беларускай амбасадзе, рэгулярна накіроўваюцца Крутым не толькі па Агурбаш, але і па іншых суперніках Лукашэнкі, якія жывуць у Расіі, прычым адрасатамі становяцца самыя розныя інстанцыі – ад тэлеканалаў да Адміністрацыі прэзідэнта.

Сапраўднасць ліста Эрнсту пра Агурбаш Круты раней пацвердзіў у інтэрвʼю прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу, заявіўшы, што «гэта не фэйкавы ліст, проста непрыгожа службовую перапіску зліваць у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».

паводле SOTA

нг